БІ́ТВА НА ВО́РСКЛЕ 1399.
Адбылася паміж войскамі ВКЛ на чале з вял. кн. Вітаўтам і Залатой Арды на чале з ханам Цімурам-Кутлукам і цемнікам Едыгеем 12.8.1399 каля р. Ворскла (левы прыток Дняпра; верагодна, на тым самым полі, дзе адбылася Палтаўская бітва 1709). Саюзнікамі Вітаўта былі некалькі тысяч татар, прыведзеных ханам Тахтамышам. Вітаўт абяцаў Тахтамышу дапамогу ў захопе ханскага трона Залатой Арды, за што Тахтамыш павінен быў выдаць яму ярлык на Маскоўскае вял. княства, Ноўгарад, Пскоў. Вітаўта падтрымаў і папа рымскі, які абвясціў крыжовы паход на Залатую Арду. У войску ВКЛ былі атрады з Польшчы, Тэўтонскага ордэна, Валахіі. Аднак асн. сілу войска ў 15—20 тыс. чал. складалі харугвы прыкладна 50 князёў ВКЛ. Войска Залатой Арды (верагодна, большае за войска ВКЛ) сустрэла Вітаўта ў межах Залатой Арды каля пераправы цераз р. Ворскла. Спачатку татары зацягвалі час перагаворамі, а з падыходам асн. іх сіл войска Вітаўта было акружана і разбіта, тысячы воінаў загінулі ці трапілі ў палон. Вітаўт і Тахтамыш з рэшткамі войска ўцяклі. Перамога дала магчымасць Цімуру-Кутлуку ўчыніць спусташальны набег на землі Кіеўшчыны і Валыні. ВКЛ захавала кантроль над паўн. Прычарнамор’ем, хоць праваліліся планы Вітаўта дамагчыся панавання над усёй Руссю. Паражэнне садзейнічала заключэнню Віленска-Радамскай уніі 1401 ВКЛ з Польшчай.
В.Л.Насевіч.
т. 3, с. 161
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)